Formulário de pesquisa

ПРЫПОВЕСЬЦІ 2

Разьдзел 2

1. Сыне мой, калі ты прыймеш словы мае і захаваеш у сябе прыказаньні мае,

2. прыхіляючы вуха сваё да мудрасьці і схіляючы сэрца сваё да разважлівасьці,

3. калі вось клікаць будзеш розум і голас свой уздымеш, заклікаючы развагу,

4. калі шукаць яе будзеш як срэбра, і прагнуць яе будзеш як багацьця,

5. тады зразумееш страх перад ГОСПАДАМ і знойдзеш пазнаньне Бога.

6. Бо ГОСПАД дае мудрасьць, і з вуснаў Ягоных — веданьне і разуменьне.

7. Ён захоўвае цьвярозы розум правым, Ён — шчыт для тых, якія ходзяць беззаганна.

8. Ён пільнуе сьцежкі правасудзьдзя, захоўвае шляхі багабойных Сваіх.

9. Тады зразумееш праведнасьць, суд і справядлівасьць, і кожны добры шлях,

10. калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё, і веданьне ўсьцешыць душу тваю.

11. Разважлівасьць будзе пільнаваць цябе, і розум будзе захоўваць цябе,

12. каб выратаваць цябе ад шляху ліхога і ад чалавека, які гаворыць хлусьліва,

13. ад тых, якія пакідаюць шлях просты, каб хадзіць сьцежкамі цемры,

14. якія цешацца, робячы злое, і радуюцца з ліхіх учынкаў,

15. у якіх шляхі крывыя і якія блукаюцца на сьцежках сваіх,

16. каб выратаваць цябе ад чужой жанчыны і ад чужаніцы, што лісьліва гаворыць,

17. якая пакінула сябра маладосьці сваёй і забылася на запавет Бога свайго.

18. Бо дом яе нахіліўся да сьмерці, і шлях ейны — да мёртвых;

19. усе, хто да яе ўваходзяць, назад не вяртаюцца і не знаходзяць сьцежак жыцьця.

20. Дык хадзі ж ты шляхам добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,

21. бо правыя будуць жыць на зямлі, і беззаганныя застануцца на ёй.

22. А бязбожныя будуць вынішчаны з зямлі, ліхадзеі будуць выкарэнены з яе.